Euroradio.fm 04/06/2014 όber Hok-key:

Мінскі хэві-метал гурт Hok-Key за доўгія гады існавання не сказаць каб неяк моцна
змяняўся ў падыходзе да творчасці. Самі музыкі сябе называлі сцёб-металістамі, спявалі
збольшага на расійскай мове і ў прынцыпе былі па-свойму эксклюзіўнымі ў краіне. І вось
на 20-м годзе жыцця музыкі кардынальна мяняюць канцэпцыю і выдаюць альбом “Знак
Бяды”.

Самі Hok-Key тлумачаць назву перажываннямі аб стане нацыянальнай культуры і нашай
спадчыны. “Заняпад народнай самасвядомасці і абыякавасць да сваіх каранёў — гэта і
ёсць знак бяды,” — кажуць музыкі. Але ніякай канцэпцыі ў дыска няма. Гэта ўсё ж
складанка з 10-ці гераічна-эпахальных трэкаў з беларускімі этнічнымі матывамі і
англамоўнага бонус-трэка пра “Залатыя стагоддзі”, адсутнасць якога пайшла б толькі на
карысць альбому.

Праца над альбомам вялася чатыры гады, за якія музыкі дасканала адтачылі кожную
нотку аранжыроўкі, кожны музычны крок і подых. Праўда, казаць пра вынаходніцтва
нечага новага не даводзіцца, акурат наадварот: новы альбом Hok-Key цалкам вытрымалі
ў традыцыях heavy-metal. Вось праўда: нягледзячы на тое, што запісаны матэрыял
апрацоўваўся ў Пецярбургу ды Лісабоне, часам падаецца, што некаторыя інструменты
сэмпліраваныя, настолькі штучна яны гучаць. Праз гэта губляецца драйв ды ціск, з якімі,
відавочна, можна сутыкнуцца падчас жывых канцэртаў гурта.

Усе песні альбома сапраўды вельмі шчырыя і сумленныя. Звычайна такога кшталту тэксты
пішуцца ў маладых рамантыкаў, гатовых на подзвігі дзеля Айчыны. І гэты факт вельмі
складана суаднесці з гуртом з 20-гадовай гісторыяй. Каларыту дадае і юнацкая прастата ў
пошуках рыфмы ды выказвання думкі… То бок з аднаго боку музыкі Hok-Key пасталелі,
сталі больш сур’ёзнымі, а з іншага — узяліся за новую для сябе справу і пачуваюцца ў ёй
як маладыя. І гэта кранае, становіцца, так бы мовіць, разынкай альбома.

Дыск “Знак бяды” вельмі роўны. На ім складана вылучыць хіты, але і прахадных, горшых
кампазіцый таксама не адзначыш. Магчыма, камусьці ён можа падацца зацягнутым, але
слухаецца ён на адным подыху. Hok-key знайшлі новае гучанне і вельмі добра сябе ў ім
адчуваюць. Засталося толькі больш яскрава абазначыць сваю адметнасць, хоць, можа,
гэта ўжо перфекцыянізм ды прыдзіркі.